29 верасня 2016

 

На рэспубліканскім фестывалі па робататэхніцы ў Мінску навучэнцы з райцэнтра занялі III месца

У Мінскім дзяржаўным Палацы дзяцей і моладзі з 16 па 18 верасня прайшоў рэспубліканскі фестываль па робататэхніцы «РобаФэст-Беларусь». Удзельнічалі ў ім шэсць навучэнцаў гімназіі-інтэрната Мядзела, з пятага па сёмы клас.
— У Расіі падобны фестываль праводзіўся ўжо, можа, сёмы раз. У Беларусі ён праходзіў упершыню і атрымаўся вельмі цікавым, — расказвае настаўнік інфарматыкі гімназіі-інтэрната Вячаслаў Саўчык.
Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю навукова-тэхнічнай творчасці і павышэнне прэстыжу інжынерных прафесій сярод дзяцей і моладзі. Яно стала пляцоўкай, на якой удзельнікі змаглі сустрэцца з сусветнымі экспертамі ў галіне робататэхнікі і інфармацыйных тэхналогій, прадставіць свой досвед і пазнаёміцца з апошнімі распрацоўкамі маладых навукоўцаў.
У праграме былі спаборніцтвы па робататэхніцы сярод школьнікаў і прадстаўнікоў адукацыйных цэнтраў, навукова-папулярныя лекцыі і майстар-класы ад экспертаў, прэзентацыі і выставы робататэхнічнай прадукцыі.
— Дзецям вельмі спадабаўся фестываль. Уражанняў — мора, бо некаторыя, як Дзяніс Барыеў і Павел Бярняк, упершыню былі на падобных спаборніцтвах, — працягвае  Вячаслаў Саўчык. — Апроч іх, удзельнічалі Андрэй Маліноўскі, Вадзім Валасевіч, Арцемій Месяц і Арцём Чаўлытка. Заданні былі досыць складаныя. Калі ехалі, нават не ведалі, што будзе: сказалі толькі арыенціровачна. На спаборніцтвах раздалі заданні, дзеці збіралі і праграмавалі ўсё самі.
Гімназію прадстаўлялі тры каманды. Найлепш выступіў дуэт у складзе Андрэя Маліноўскага і Вадзіма Валасевіча. Яны занялі III месца ў катэгорыі «робататэхніка» ва ўзроставай групе да 12 год. Узнагародзілі іх кубкам, бронзавымі медалямі і дыпломам.
— Лічу, што дзеці выступілі дастойна. У нашай катэгорыі змагалася 28 каманд. У асноўным яны прадстаўлялі мінскія цэнтры робататэхнікі. Былі таксама навучэнцы з Гомеля, Магілёва, Барысава, — кажа Вячаслаў Саўчык.
Цяпер гімназісты рыхтуюцца да рэспубліканскага этапа міжнароднай алімпіяды па робататэхніцы. Займацца даводзіцца напружана, бо заданні складаныя, а часу засталося мала. Спаборніцтвы пройдуць у сярэдзіне кастрычніка ў Мінску.
Аляксандр ВЫСОЦКІ. 
На здымку: гімназісты на фестывалі.
Фота Вячаслава Саўчыка.

 

Добавить комментарий