24 снежня 2015
У ПАЧАТКУ новага навучальнага года ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела з’явіліся тры наборы для канструявання LEGO для ўстаноў адукацыі. Гэта дало магчымасць арганізаваць факультатыў па робатамадэліраванні. І вось першыя вынікі: шасцікласнікі Андрэй Маліноўскі і Вадзім Валасевіч на першым абласным конкурсе па робататэхніцы “Дарога ў будучае” ўзнагароджаны дыпломам І ступені. Яны прэзентавалі там свайго робата-пыласоса. З гэтай нагоды і адбылася сустрэча з гімназістамі.
— Хлопчыкі, раскажыце, калі ласка, як рыхтаваліся да конкурсу, — звяртаюся да пераможцаў.
— Падрыхтоўка заняла дзесьці месяц, — кажа Андрэй. — Прыняць удзел у конкурсе прапанаваў кіраўнік гуртка Вячаслаў Станіслававіч Саўчык. Ён і падказаў нам зрабіць менавіта робата-пыласоса. Саму канструкцыю складалі тыдзень, а потым пісалі праграму.
— Вячаслаў Станіслававіч, як удалося стаць лепшымі? — задаю пытанне кіраўніку праекта.
— Нашу работу назвалі адной з самых яркіх, створаных на базе Mindstorms EV3, — з гонарам зазначае Вячаслаў Станіслававіч. — Адзначылі высокі ўзровень рэалізацыі праекта, а таксама якасць і складанасць алгарытму кіравання. Робат можа самастойна арыентавацца ў прасторы, абыходзіць перашкоды, ну і выконваць функцыі пыласоса. Для яго работы быў створаны самастойны модуль, які ўсмоктвае пыл і збірае яго ў пылазборнік. Усяго ж у конкурсе было заяўлена 27 вынаходніцтваў юных “тэхнікаў” узростам ад першага класа да студэнтаў другога курса. Канечне, прыемна, што мы сталі лепшымі. Андрэй і Вадзім — малайцы. У праграмаванні большая заслуга Андрэя. Скажу, што трэба зрабіць, — сядае за камп’ютар і робіць. Вадзім жа дапамагаў складваць робата. Абодва вельмі стараліся.
Ацэньвалі работы выкладчыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і абласнога інстытута развіцця адукацыі. Кіраваў работай журы загадчык кафедры “Робататэхнічныя сістэмы” факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Генадзій Здор.
Конкурс нашым удзельнікам спадабаўся. Чаму ж не — з такім вынікам! А маючы за плячыма дыпломы з найвышэйшай адзнакай, можна ўпэўнена замахвацца і на іншыя вышыні.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: пераможцы першага абласнога конкурсу па робататэхніцы “Дарога ў будучае” гімназісты Андрэй Маліноўскі і Вадзім Валасевіч.
Фота Георгія Прысмакова.

Добавить комментарий