27.09.2018 11:37 Навіны рэгіёнаў

Мядзельскія школьнікі паспяхова крочаць па шляху да сусветных спаборніцтваў па робататэхніцы. Навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела ўзялі ўдзел у нацыянальным этапе Сусветнай алімпіяды робатаў — 2018 (World Robot Olympiad).

Адбор на Сусветную алімпіяду робатаў праходзіў у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі і праводзіўся ў шасці намінацыях. Кожны год арганізатары выбіраюць новую тэму, з якой звязаны алімпіядныя заданні. Сёлета тэмай сталі прадукты харчавання, а самі спаборніцтвы закліканы звярнуць увагу на мэты ўстойлівага развіцця ААН, у прыватнасці ўхіленне голаду, захаванне харчовай бяспекі, развіццё энерга- і рэсурсазберагальнага земляробства і паляпшэнне якасці харчавання па ўсім свеце.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела. Каманда MGRobot-2, у склад якой увайшлі Дзяніс Барыеў і Георгій Марозаў, спаборнічала ў малодшай узроставай групе асноўнай катэгорыі Regular Elementary. Андрэй Маліноўскі і Арцём Чаўлытка аб’ядналіся ў каманду MGRobot-1 і выступалі ў сярэдняй групе Regular Junior High. У адпаведнасці з заданнем, адной з каманд прапанавалася запраграмаваць робатаў так, каб яны сартавалі яблыкі, адпраўляючы добрыя і сапсаваныя плады ў розныя зоны. Робаты другой каманды павінны былі высаджваць пладовыя дрэвы ў розных месцах у залежнасці ад глебы.

Абедзве каманды выступілі цудоўна і занялі першыя месцы ў сваіх узроставых групах. Хлопцы ўзнагароджаны залатымі медалямі нацыянальнага этапу World Robot Olympiad — 2018. Яны заваявалі таксама права прадстаўляць нашу краіну на заключным, міжнародным, этапе Сусветнай алімпіяды, які пройдзе ў лістападзе гэтага года ў горадзе Чыанг-Май (Тайланд).

Навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела ўжо некалькі гадоў займаюцца робататэхнікай пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі В.С.Саўчыка і робяць гэта паспяхова. Выхаванцы Вячаслава Станіслававіча актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і фестывалях. Толькі за апошні час яны сталі прызёрамі заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills Belarus 2018, STEAM-фестывалю ў Гомелі, VІ Мінскага адкрытага робатурніру з міжнародным удзелам. У алімпіядзе робатаў мядзельскія хлопцы ўдзельнічалі трэці раз.

— Дагэтуль нам не ўдавалася перамагаць на алімпіядзе робатаў. Дзеці вельмі стараліся, каб змяніць сітуацыю. Сёлета ставілі перад сабой максімальную мэту — перамагчы! — расказвае В.С.Саўчык. — Хлопцы працавалі шмат і вельмі старанна. Актыўную падрыхтоўку пачалі яшчэ летам. У верасні збіраліся амаль кожны дзень, давялося папрацаваць над стабільнасцю праграмы і канструкцыі. Хлопцы працавалі самастойна, я толькі даваў парады. Думаю, тое, што яны рабілі ўсё самі і дасканала ведалі сваіх робатаў, дапамагло ім перамагчы.

Зараз хлопцы і іх кіраўнік пачалі рыхтавацца да новага этапу — на сусветным узроўні канкурэнцыя будзе вельмі высокай. Жадаем камандам поспеху і чакаем добрых звестак з Тайланда.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва герояў

Добавить комментарий