16 снежня 2016
Ізноў з узнагародамі вярнуліся з конкурсу мядзельскія робататэхнікі. На гэты раз — з абласнога па робататэхніцы «Дарога ў будучыню». Прайшоў ён 2 снежня ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Прынялі ўдзел у конкурсе 77 школьнікаў.
Праходзіў конкурс па трох накірунках. У двух з іх, «Міні-сумо» і «Траекторыя», удзельнічалі шэсць прадстаўнікоў гімназіі-інтэрната Мядзела: чатыры — у першым, два — у другім. У «Міні-сумо» спаборнічалі навучэнцы сярэдніх класаў. Гэты накірунак аказаўся самым прадстаўнічым па колькасці.
— Удзельнічала ў ім ажно 46 чалавек,  — паведаміў настаўнік інфарматыкі гімназіі-інтэрната Мядзела, трэнер каманды Вячаслаў Саўчык.
Яшчэ «Міні-сумо» быў самым відовішчным. Удзельнікі павінны былі дома сканструяваць робата. А ў Мінску адбываліся сапраўдныя паядынкі. Паводле жараб’ёўкі ў коле ставіліся насупраць адзін аднаго два робаты. Чый робат выпхне саперніка за чорную лінію, той і перамог.
Ні разу не прайграў гімназіст Арцём Чаўлытка. У яго — дыплом I ступені. Спецыяльны дыплом і прыз БНТУ атрымаў Мікіта Жукоўскі.
У напрамку «Траекторыя» дзеці павінны былі сабраць робата, які па зададзенай траекторыі за самы кароткі час дабярэцца да фінішу. Тут дыплом III ступені атрымаў Дзяніс Барыеў.
— Увогуле дзецям конкурс вельмі спадабаўся. У тым жа «Міні-сумо» мы раней не ўдзельнічалі. Зацікавіла іх і экскурсія па факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі ўніверсітэта, — дадае Вячаслаў Саўчык.
Аляксандр ВЫСОЦКІ. 
На здымку: ідуць спаборніцтвы па «Міні-сумо».
Фота з сайта moiro.by.

Добавить комментарий