08 чэрвеня 2018

Насычаным выдаўся пазамінулы тыдзень для робататэхнікаў з гімназіі-інтэрната Мядзела. Адразу яны ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў устаноў адукацыі «JuniorSkills Belarus 2018». Адбываўся ён у сталічным футбольным манежы.

Конкурс праводзіўся па розных намінацыях, адной з якіх была мабільная робататэхніка. У ёй Мінскую вобласць прадстаўлялі навучэнцы гімназіі-інтэрната. Нагадаю, што дзве каманды ўстановы заваявалі права на ўдзел у турніры па робататэхніцы ў рамках абласнога этапа конкурсу «JuniorSkills Belarus», які прайшоў якраз у гімназіі-інтэрнаце.
На рэспубліцы ва ўзроставай катэгорыі 10-13 год спаборнічалі Дзяніс Барыеў і Мікіта Жукоўскі, 14-17 год — Андрэй Маліноўскі і Арцём Чаўлытка. Нашы каманды выступілі вынікова — у абедзвюх трэція месцы. Узнагародзілі іх дыпломамі Міністэрства адукацыі, бронзавымі медалямі і падарункамі.
— Гэта прэстыжны конкурс, і радуе, што нашы ўдзельнікі на ім паказалі сябе дастойна, — расказвае трэнер каманд Вячаслаў Саўчык. — Яны сапернічалі з моцнымі канкурэнтамі. Асабліва дасведчанымі былі робататэхнікі з Мінска, якія занялі першыя месцы ў абедзвюх катэгорыях.
Дарэчы, Вячаслаў Саўчык на гэтых спаборніцтвах быў і суддзёй.
А 26-27 мая ў сталіцы прайшоў VI Мінскі адкрыты робатурнір.
Удзельнічалі ў ім дзеці не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны. На турнір прыехалі з Казані, Курска, Кіева, розных гарадоў нашай краіны — як вялікіх, так і маленькіх.
— У многіх турнірах удзельнічаеце. Чым гэты адметны? — пытаю ў Вячаслава Саўчыка.
— Найперш, масавасцю. Таксама ён вызначаецца высокім узроўнем арганізацыі і добрымі падарункамі для дзяцей.
Каманды гімназіі-інтэрната ўдзельнічалі ў трох відах спаборніцтваў па LEGO-робататэхніцы.
— Асноўны від спаборніцтваў — трыятлон, — працягвае Вячаслаў Станіслававіч. — Пераможца тут вызначаўся па суме вынікаў трох выпрабаванняў: хатняга задання, алімпіяды і тэарэтычнга тэста, які праводзіўся ўпершыню.
Сярод старэйшых каманда ў складзе Андрэя Маліноўскага і Арцёма Чаўлыткі заняла трэцяе месца. Хлопцаў узнагародзілі кубкамі, дыпломамі і каштоўнымі прызамі ад фірмы «Xiaomi». У малодшых Дзяніс Барыеў і Мікіта Жукоўскі занялі чацвёртае месца. Абедзве каманды тэарэтычны тэст па праграмаванні робатаў выканалі на выдатна.

Упершыню гімназісты ўдзельнічалі ў такім відзе, як кіруемы робафутбол.

— Для нас гэта новы від. Робатамі можаш кіраваць, чым захочаш — са смартфона ці геймпада. Адна ўмова, каб былі яны зроблены з канструктараў лега. У камандзе — па тры ўдзельнікі. Гуляюць два таймы па пяць хвілін. Каманда ў складзе Серафіма Нікончыка, Максіма Куцкевіча і Уладзіміра Русака прайшла адборачны тур з шасці гульняў і дабралася да паўфіналу. Увайшлі ў лік чатырох лепшых, але пазмагацца за прызавыя месцы не атрымалася. Магчыма, нам не хапіла трэніровак, усё ж новы від. У выніку ў хлопцаў чацвёртае месца і прызы ад кампаніі «Кока-Кола».
Трэці від — робасумо. Гэта сутычка аўтаномных робатаў, якія павінны спіхнуць адзін аднаго з рынга. Аляксандр Вярбіцкі і Андрэй Хіла дайшлі да 1/8 фіналу. Гэта прытым, што ў спаборніцтвах удзельнічала 118 каманд.
Хоць наперадзе канікулы, мядзельскія робататэхнікі толькі адпачываць на іх не думаюць. Наперадзе — падрыхтоўка да беларускага этапа сусветнай Алімпіяды па робататэхніцы, які запланаваны на верасень.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: прадстаўнікі гімназіі на VI адкрытым робатурніры; ідзе робафутбольны матч.
Фота забяспечаны В. Саўчыкам.

Добавить комментарий